Стаў вядомы кошт праекту «залатога» флагштоку ў Гомлі


Блогер «NEXTA» апублікаваў фотаздымак дакументу з коштам распрацоўкі праекту інжынерамі. Згодна з ім, на гэта выдаткавалі Br 58 445.

24 лютага Упраўленне капітальнага будаўніцтва Гомля абвесціла тэндар на «добраўпарадкаванне плошчы Леніна з устаноўкай флагштоку». На гэтыя мэты ўлады плануюць выдаць ​​Br 1 459 797, ці прыкладна $ 656 тысячаў.

Праект флагштоку, які ўлады збіраюцца паставіць за грошы з мясцовага бюджэту, распрацавалі без грамадскіх слуханняў. Цяпер жыхары Гомля змагаюцца за спыненне будаўніцтва – у інтэрнэце распачалі збор подпісаў супраць будаўніцтва.

Актывісты нагадваюць, што на плошчы Леніна ў Гомлі ўжо ёсць тры флагштокі.

Паводле былога намесніка старшыні Гомельскага гарсавету Віктара Карнеенкі, у горадзе бракуе школаў і шпіталяў.

«Ёсць іншыя патрэбы ў гораду, больш актуальныя і на карысць людзям, дзе можна выкарыстаць гэтыя грошы», – сцвярджае Віктар Карнеенка.

На момант публікацыі петыцыю падпісалі больш за 3500 чалавек.

Стойка гомельскага флагштоку, будзе ўсяго на 10 метраў ніжэйшая за канструкцыю Дзяржаўнага сцягу ў Менску. Фота – Vasily Fedosenko / Reuters / Forum
  • На гомельскім флагштоку запраектаваны ручны і механічны пад’ем сцяга памерам – 12 на 6 метраў.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў