Больш за 90 % беларусаў не вераць у нябедную старасць на пенсіі


Прэзентацыя вынікаў сацыялагічнага апытання Даследчага цэнтру ІПМ і цэнтру BEROC. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

У той жа дзень, як кіраўнік Беларусі заявіў пра рыхтаванне зменаў у пенсійнай сістэме, у Менску прэзентавалі вынікі сацыялагічнага апытання пра тое, як беларусы бачаць жыццё на пенсіі. Даследаванне зрабіў Даследчы цэнтр ІПМ супольна з Беларускім эканамічным даследча-адукацыйным цэнтрам (BEROC) у верасні-кастрычніку 2019 года.

Hавiны
Лукашэнка абяцае пасля выбараў заняцца пенсійнай рэформай
2020.02.28 12:16

Як заявіў 28 лютага падчас медыя-сняданку «Сістэма сацыяльнай абароны Беларусі вачыма яе жыхароў (і што з гэтага вынікае для сацыяльнай палітыкі)» дырэктар Даследчага цэнтру ІПМ Аляксандр Чубрык, добры перыяд для Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, калі яго даходы перавышалі выдаткі, скончыўся яшчэ ў 2011 годзе. А ў 2018-м увогуле быў усталяваны гістарычны мінімум даходаў адносна выдаткаў.

«Калі мы хочам захаваць той самы ўзровень падтрымання, трэба ўліваць грошы ў ФСАН», – заявіў выступоўца.

Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Але, паводле яго, не спрыяюць павелічэнню даходаў ФСАН сярод іншага рост колькасці самазанятых людзей, якія не робяць адлічэнняў у фонд, змяншэнне колькасці валютных паступленняў у бюджэт краіны і рост колькасці плацяжоў па дзяржаўным доўгу.

«У сённяшнім выглядзе сістэма няўстойлівая», – падкрэсліў ён.

Аляксандр Чубрык, даследчы цэнтр ІПМ. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Беларусы не хочуць павышэння пенсійнага веку, але чакаюць яго

Эканаміст Даследчага цэнтру ІПМ Глеб Шымановіч распавёў, што беларусы разумеюць пенсійную сістэму «даволі павярхоўна». Гэтак, толькі палова апытаных ведае, што ў Беларусі дзейнічае салідарная сістэма, калі людзі, якія працуюць, плацяць і фінансуюць пенсіі дзейных пенсіянераў. А больш за 20 % рэспандэнтаў заявілі, што ў нас назапашвальная сістэма. Больш за тое, толькі 13,3 % ведаюць, колькі адлічваецца ў ФСАН.

Hавiны
Без рэформаў сённяшнія 30-гадовыя беларусы не пабачаць пенсіі
2019.10.01 11:10

90,9% лічаць, што дзейная пенсія не здольная забяспечыць нябедную старасць. У прыватнасці, большасць апытаных мяркуе, што пенсіі не хапае на набыццё тавараў доўгага карыстання, вопраткі, лекаў, аплату ЖКГ ды нават на прадукты. Прычыны гэтага 69,4 % беларусаў бачаць у эканамічным становішчы краіны, а не ў дэмаграфічнай праблеме ці ў заробках у канвертах.

«Людзі бачаць праблему глыбей, чым звяртае ўвагу дзяржава», – заявіў Глеб Шымановіч.

Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

У рэформе пенсійнай сістэмы беларусы выступаюць перадусім за тое, каб можна было ўключыць у страхавы стаж службу ў войску, догляд за дзецьмі і іншыя падобныя праблемы, каб пазбегнуць пенсійнай пасткі, калі ў людзей не выпрацаваны неабходны стаж. Такі варыянт падтрымала 52 % апытаных, а 44,4 % заявілі, што ўжо сутыкнуліся ці могуць сутыкнуцца з такой праблемай.

А вось падтрымаць павышэнне пенсійнага веку гатовыя толькі 6,9 % беларусаў, але пры гэтым 68 % з апытаных менавіта такі варыянт лічаць найбольш верагодным.

Што датычыць дыферэнцыяцыі пенсіяў, дык беларусы згодныя з павышанымі пенсіямі для «чарнобыльцаў» і людзей, якія працуюць у шкодных умовах. У выпадку большых пенсіяў для працаўнікоў міліцыі і КДБ меркаванне падзялілася амаль на палову, а ў выпадку дзяржаўных служачых большасць апытаных кажа пра несправядлівасць павышаных пенсіяў для іх.

Навучанне ў ВНУ ідзе ў працоўны стаж, але, каб атрымаць пенсію ў будучыні, трэба не менш за 17 гадоў страхавога стажу. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Агулам беларусы больш схільныя лічыць, што пенсія павінна залежаць не ад таго, колькі ты зарабляеш, а ад таго, колькі працаваў, падкрэсліў Глеб Шымановіч.

Хоць большасць апытаных лічаць пенсіі нізкімі, 71,4% гатовыя жыць менавіта за іх кошт. 43,2% гатовыя таксама працаваць на пенсіі, а вось назапашваць згодныя толькі 16% апытаных. Людзі не робяць назапашванняў, бо ім не хапае на сённяшняе жыццё, адзначыў эканаміст. Умовай для пенсійных назапшванняў 74,1 % апытаных называлі стабільны і высокі заробак.

На падставе апытання Глеб Шымановіч заявіў, што дзяржава мусіць стварыць умовы, якія б дазволілі пенсіянерам працаваць пасля выхаду на пенсію, у тым ліку ліквідаваць дыскрымінацыю на рынку працы.

  • Паводле Белстату, у нашай краіне на пачатак 2019 года пражывала 2,09 млн людзей, старэйшых за 60 гадоў. Гэта больш, чым кожны пяты жыхар Беларусі. За апошнія дзесяць гадоў колькасць людзей сталага веку павялічылася на 322 тыс. чалавек, або на 18,2 %.
  • З 2017 году ў Беларусі паводле ўказу Лукашэнкі падвышаецца пенсійны век. На сёння ён складае 61,5 года для мужчынаў і 56,5 для жанчын, а ў выніку мае дасягнуць 63 і 58 гадоў адпаведна.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў